ФУ́ТРАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лёгкай прамысловасці па перапрацоўцы пушніна-футравай і аўчыннай сыравіны, вытв-сці футра і футравых вырабаў. Выпускае верхняе адзенне, каўняры, галаўныя ўборы, гаржэткі, паланціны, рукавіцы, абутак з натуральнага і штучнага футра. Найб. развітая Ф.п. у Расіі, Кітаі, Даніі, Францыі, Грэцыі, ЗША.

На Беларусі да 20 ст. мела саматужны сезонны характар. Як фабрычная прам-сць развіваецца з пач. 20 ст. Выкарыстоўваецца мясц. (пушніна дзікіх жывёл і прадукцыя зверагадоўлі) і экспартная сыравіна. Найб. прадпрыемствы Ф.п.: Бабруйская футравая фабрыка, Жлобінская фабрыка штучнага футра, Віцебскі футравы камбінат, прадпрыемствы ў Плешчаніцах, Мінску. У 2000 выпушчана футравых вырабаў з натуральнага футра 87,4 тыс. шт., са штучнага — 392,3 тыс. шт.

П.​І.​Рогач.

т. 16, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)